Тэхнічнае пераўзбраенне
Нядаўна на трэцім рудніку ААТ “Беларуськалій” зведала мадэрнізацыю пад’ёмная клецявая ўстаноўка № 3. Тут была праведзена замена электрапрывода і сістэмы кіравання на аснове абсталявання фірмы Siemens. Распрацоўку электратэхнічнай часткі праекта, выраб сістэмы кіравання, мантаж і наладку новага электраабсталявання выканалі спецыялісты ТАА “Інстытут горнай электратэхнікі і аўтаматызацыі”, кампаніі “SIMATEK”.
Пра тое, што менавіта зроблена падчас мадэрнізацыі пад’ёмнай устаноўкі і што гэта дае, – у інтэрв'ю з загадчыкам аддзела аўтаматызацыі горных работ ТАА “Інстытут горнай электратэхнікі і аўтаматызацыі” Віктарам Леанідавічам Клембам.
– Да правядзення намі работ па мадэрнізацыі электрапрывода пад’ёмнай устаноўкі на ёй быў усталяваны асінхронны электрарухавік з фазным ротарам, і хуткасць яе мянялася пры змене супраціўлення ў ротары. У сувязі з гэтым каля пяцідзесяці працэнтаў электраэнергіі трацілася толькі на разаграванне гэтых супраціўленняў.
Узамен старога мы ўстанавілі сучасны асінхронны рухавік, але ўжо з каротказамкнутым ротарам і з ператваральнікам частаты. У выніку, па-першае, спынілася расходаванне электраэнергіі на нагрэў. Па-другое, на працягу прыкладна паловы шляху руху клеці выпрацоўваецца электраэнергія і вяртаецца назад у сетку. Канструкцыя пад’ёмнай машыны такая: калі гружаная клець адыходзіць ад паверхні і рухаецца ўніз, да сярэдзіны ствала яе трэба цягнуць рухавіком, прыкладаючы пэўныя намаганні. А далей за кошт таго, што вызвалілася шмат каната, клець пачынае сама цягнуць сябе ўніз, і рухавік у гэтым выпадку працуе ўжо як генератар.
– Гэта значыць атрымліваецца відавочны энергазберагальны эфект?
– Гэта сапраўды так.
– Віктар Леанідавіч, гэта прынцыпова новая распрацоўка? Ці нешта падобнае ўжо працуе на іншых вытворчасцях?
– На трэцім рудаўпраўленні рэалізаваны першы на прасторы СНД “пілотны” праект высокаэфектыўнага рэгулюемага электрапрывода пераменнага току на шахтавым пад’ёме, які па сваіх тэхнічных паказчыках задавальняе ўсім патрабаванням дзяржаўнай праграмы энергазберажэння. Сістэма кіравання рэалізавана на мікрапрацэсарных кантролерах, якія забяспечваюць машыніста пад’ёмнай устаноўкі поўнай аператыўнай інфармацыяй аб стане сістэм пад’ёмнай машыны.
– Як вядома, удасканаленае абсталяванне было ўкаранёна на пад’ёмнай устаноўцы Краснаслабодскага рудніка. Чым адрозніваецца ад яго ваша распрацоўка? І якія перавагі яна дае акрамя эканоміі энергарэсурсаў?
– Пры мантажы пад’ёмнай машыны на Краснаслабодскім рудніку ўстаноўлена сапраўды такая ж, як на трэцім рудніку машына ЦР-6. Аднак там прыменены ціхаходны безрэдуктарны прывод пастаяннага току. Ён больш складаны і запатрабаваў больш разнастайнага электраабсталявання, уключаючы сістэму фільтрацыі гармонік у сілкавальнай сетцы. Акрамя гэтага, каэфіцыент карыснага дзеяння такога прывода ўсё-такі ніжэйшы, чым у прывода пераменнага току. Мы ж рэдуктар пакінулі, каб пазбегнуць лішніх затрат. Таму на пад’ёмнай машыне трэцяга рудніка можна было прымяніць электрапрывод пераменнага току з частотным рэгуляваннем хуткасці і паўаўтаматычнай сістэмай кіравання. У выніку быў атрыманы выйгрыш – прыкладна ў паўтара раза менш часу траціцца на цыкл спуску-пад’ёму людзей, паколькі кіраванне пад’ёмнай машынай паўаўтаматычнае.
Усё арганізавана такім чынам, што калі машыніст робіць усё рацыянальна, то аўтаматыка не ўмешваецца. Калі ж ён робіць нешта не так ці спазняецца, аўтаматыка карэкціруе яго дзеянні. І паколькі, галоўным чынам, аўтаматыка працуе больш хутка і рацыянальна, тое атрымліваецца выйгрыш у часе. Гэта, па-першае. Па-другое, пры старым варыянце машыны машыніст павінен быў мець добрыя навыкі кіравання, адчуваць пад’ёмную машыну чыста на інтуітыўным узроўні.
Што немалаважна, такая мадэрнізацыя дазволіла павялічыць бяспеку людзей. Старыя пад’ёмныя машыны з ранейшым прыводам і сістэмай кіравання не маглі спыніцца самастойна ў крайніх пунктах, гэта значыць на нулявой прыёмнай пляцоўцы і на прыёмнай пляцоўцы ніжняга гарызонту.
– Хто, акрамя спецыялістаў вашай арганізацыі, удзельнічаў ва ўкараненні на рудніку гэтай распрацоўкі?
– Безумоўна, працавалі мы над гэтым не адны. У распрацоўцы і наладцы сістэмы кіравання і электрапрывода бралі ўдзел спецыялісты кампаніі “SIMATEK”.
Асноўную частку праектных работ выконвала наша арганізацыя, але мы былі пры гэтым на падрадзе ў ААТ “Белгорхімпрам”. Мантажныя, будаўнічыя работы ажыццяўлялі работнікі ААТ “Трэст “Шахтаспецбуд”. Шэф-мантаж электрапрывода, падключэнне абсталявання кіравання і наладку выконвалі нашы спецыялісты разам са спецыялістамі ТАА “Сіматэк груп”.
Работы па мадэрнізацыі вяліся пры актыўным удзеле кіраўнічых спецыялістаў трэцяга рудаўпраўлення і аддзела галоўнага энергетыка.
Цяжка было б усё гэта зрабіць без удзелу персаналу ўчастка пад’ёму. Устаноўка выводзілася з работы з канца мая да пачатку верасня. За гэты час трэба было правесці вялікі аб’ём мантажных, будаўнічых і наладачных работ. Гэта ўсё было не так і проста зрабіць.
Узяць хоць бы толькі замену электрарухавіка, вага якога 14 тон. Для ўсталяванага ператваральніка частаты ў машыннай зале было адгароджана і добраўпарадкавана спецыяльнае памяшканне. Было патрэбным і абнаўленне памяшкання машыністаў. Замена рухавіка была спалучана з заменай рамы, на якую ён устанаўліваецца. Запатрабавалі капітальнага рамонту кабельныя трасы.
– Што ж думаюць наконт праведзенай на рудніку мадэрнізацыі пад’ёмнай устаноўкі тыя, хто яе эксплуатуе?
– Любая мадэрнізацыя сёння накіравана на выкананне аднаго з найважнейшых патрабаванняў – зніжэнне энергаспажывання, – выказаў сваё меркаванне начальнік участка пад’ёму трэцяга рудніка Генадзь Аляксандравіч Варабей. – У гэтых адносінах такое абнаўленне пад’ёмнай устаноўкі дае эфект, адчувальны ўжо з самога яе запуску ў работу. Паказчыкі энергаспажывання рэзка зменшыліся. У цяперашні час яшчэ ідзе абкатка новага абсталявання. Сумесна са спецыялістамі Інстытута вядуцца работы па канчатковай наладцы яе вузлоў.
Газета “Калійшчык Салігорска” ад 15.10.2010 г.
Карэспандэнт Святлана РЭЎТ Фота В.ПІЛІПЦОВА