Новыя распрацоўкі ТАА “Інстытут горнай электратэхнікі і аўтаматызацыі”
Распрацоўка і выраб горна-шахтавага абсталявання – гэта складаны працэс. Тое, што гэтае абсталяванне працуе ва ўмовах шахт і хімічных вытворчасцяў, у тым ліку небяспечных па выбуху, накладвае на яго павышаныя патрабаванні да надзейнасці работы.
Таму вялікую ўвагу мы надаём якасці распрацоўкі і вырабу абсталявання, паколькі ад яго бяспечнай і безадмоўнай работы залежыць не толькі аб’ём здабываемай прадукцыі, але часам жыццё і здароўе людзей, якія працуюць у шахце. Усё выпускаемае абсталяванне мае сертыфікаты выпрабавальных лабараторый і заключэнні сертыфікацыйных цэнтраў аб адпаведнасці прадукцыі тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза.
Сярод вырабаў, распрацаваных і выпускаемых прадпрыемствам, можна адзначыць наступныя:
-
камплектныя станцыі для кіравання электраабсталяваннем ачышчальных забояў. З дапамогай гэтага электраабсталявання ажыццяўляецца кіраванне здабычнымі машынамі: камбайнамі, канвеерамі і іншым электраабсталяваннем. Асаблівасцю абсталявання з’яўляецца электронная начынка вырабаў, якая была распрацавана на прадпрыемстве і вырабляецца на ўласных вытворчых плошчах. Ва ўмовах падземных выпрацовак ААТ “Беларуськалій” вырабы зарэкамендавалі сябе як надзейныя ў рабоце і простыя ў эксплуатацыі;
-
станцыі кіравання электрапрыводам з рэгуляваннем частаты вярчэння электрарухавікоў. У цяперашні час асноўная маса гэтага абсталявання (а гэта ўжо больш за 100 станцый) устаноўлена на электрапрыводах магістральных канвеераў ААТ “Беларуськалій”. Гэта найбольш адказнае абсталяванне ў ланцужку здабычы і дастаўкі на паверхню руднай масы. Ад яго безадмоўнай работы залежыць прадукцыйнасць рудніка. Адначасова гэта найбольш энергаёмістае абсталяванне. Таму прымяненне нашых станцый, якія адрозніваюцца высокай надзейнасцю работы, дазволіла значна скараціць непрадабачаныя прастоі абсталявання, павялічыўшы адначасова рэсурс яго работы. Прымяненне рэгулюемага прывода дазваляе атрымаць эканомію электраэнергіі не менш за 30%, што значна змяншае сабекошт прадукцыі;
- абсталяванне шахтавых пад’ёмаў. Яно дазваляе павялічыць бяспеку пры ажыццяўленні аперацый па спуску людзей у шахту і пад’ёме іх на паверхню. Прымяненне частотна-рэгулюемага прывода з сістэмай рэкуперацыі энергіі на пад’ёме дазваляе атрымаць вельмі істотную эканомію электраэнергіі, знізіць знос тармазной сістэмы і нагрузку на механічную частку. Адначасова сучасная сістэма кіравання дазваляе знізіць нагрузку на аператара пад’ёмнай машыны, што ў канчатковым выніку ўплывае на бяспеку пры выкананні аперацый па спуску-пад’ёме людзей і грузаў. З абсталявання шахтавага пад’ёму асабліва варта адзначыць апаратуру шахтавай ствалавой сігналізацыі МАСС. Сёння ёю аснашчаны большасць грузалюдскіх ствалоў ААТ “Беларуськалій”. Каля 30 камплектаў абсталявання ўстаноўлена на шахтах РФ: ад Кольскага паўвострава і Варкуты да Забайкальскага краю.
У бліжэйшыя гады прадпрыемства і далей будзе ўдзяляць асаблівую ўвагу распрацоўцы і мадэрнізацыі вырабаў на аснове частотна-рэгулюемага прывода. Будуць працягнуты работы па распрацоўцы і вырабу абсталявання для мадэрнізацыі электрапрыводаў шахтавых пад’ёмаў, у тым ліку скіпавых і прыводаў вентылятараў галоўнага праветрывання шахт. Асаблівая ўвага на прадпрыемстве надаецца арганізацыі выканання дадзеных работ “пад ключ”. Прадпрыемства імкнецца да выканання ўсяго спектра работ: пачынаючы ад праектавання і вырабу, заканчваючы мантажом і ўводам у эксплуатацыю.
Пры распрацоўцы новых вырабаў асаблівая ўвага будзе нададзена прымяненню сістэм бесправаднога кіравання і перадачы даных. Прадоўжацца распрацоўкі частотна-рэгулюемых прыводаў на аснове новых тыпаў частотных ператваральнікаў. Будзе пашырана лінейка магутнасцей.
Плануецца выкананне работ па мадэрнізацыі электроннай базы камплектных станцый кіравання. Будуць распрацаваны новыя варыянты станцый у выбуховазасцярожаным выкананні.
Апаратура шахтавай ствалавой сігналізацыі будзе дапоўнена новымі ўстройствамі, якія дазволяць дапоўніць існуючае абсталяванне новымі магчымасцямі ў галіне кантролю работы пад’ёмнага абсталявання і стану арміроўкі ствала. Абсталяванне дазволіць павялічыць бяспеку пры выкананні аглядаў і рэвізіі ствала.
Усё гэта дасць магчымасць павялічыць канкурэнтаздольнасць выпускаемага абсталявання.