Інстытут мадэрнізаваў пад’ёмныя ўстаноўкі, якія выкарыстоўваліся пры праходцы Бярозаўскага і Краснаслабодскага руднікоў
Інстытут горнай электратэхнікі і аўтаматызацыі правёў мадэрнізацыю праходчых перасоўных пад’ёмных установак для ААТ “Трэст “Шахтаспецбуд”.
Выпушчаныя ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, яны выкарыстоўваліся пры праходцы розных руднікоў. У прыватнасці, ААТ “Трэст “Шахтаспецбуд” з іх дапамогай вёў праходку ствалоў Краснаслабодскага і Бярозаўскага руднікоў. Электратэхніка ў іх была зношаная і састарэлая.
Усё абсталяванне, акрамя барабанаў, рэдуктараў і тармазных сістэм, было дэманціравана. Механічныя часткі пад’ёмных машын прадыягнаставалі метадамі неразбуральнага кантролю. На падставе вынікаў дыягнаставання спецыялісты Інстытута замянілі дэталі, якія маюць дэфекты, і наладзілі тармазныя сістэмы.
Асноўны аб’ём работ прыпаў на выраб і мантаж новага рэгулюемага электрапрывода з мікрапрацэсарнай сістэмай кіравання. Выкарыстоўваючы камплектуючыя кампаніі Siemens, інжынірынгавым партнёрам якой з’яўляецца Інстытут, нашы спецыялісты распрацавалі і вырабілі шафы кіравання асноўным і дапаможнымі прыводамі пад’ёмных машын, аўтаматызаваныя рабочыя месцы матарыста, устанавілі датчыкі для кантролю параметраў работы, распрацавалі апаратуру запісу і рэгістрацыі даных, выканалі прывязку да сістэмы энергазабеспячэння і сістэмы шахтавай ствалавой сігналізацыі, распрацавалі новае праграмнае забеспячэнне для кіравання пад’ёмнымі машынамі.
Сучасныя тэхнічныя рашэнні, прымененыя пры мадэрнізацыі ўстановак, дадуць магчымасць заказчыку атрымаць значны тэхніка-эканамічны эфект:
-
эканомія электрычнай энергіі, зрасходаванай на работу пад’ёмных машын пры праходцы ствалоў, можа скласці да 60%.
-
новая сістэма кіравання, у якую ўваходзіць сістэма візуалізацыі для машыністаў пад’ёмных установак, значна павялічвае ўзровень бяспекі пры праходцы ствалоў.
Апошнім этапам усіх работ па мадэрнізацыі пад’ёмных машын стане навучанне тэхналагічнага персаналу заказчыка.
У гатовым выглядзе ўсё абсталяванне праходчых перасоўных пад’ёмных установак знаходзіцца ў КУНГах. У хуткім часе яны будуць дастаўлены на будаўнічую пляцоўку Петрыкаўскага ГАКа, дзе з іх дапамогай ААТ “Трэст “Шахтаспецбуд” будзе весці праходку ствалоў.