Інстытут адзначыць 10-гадовы юбілей

Інстытут адзначыць 10-гадовы юбілей

Інстытут адзначыць 10-гадовы юбілей

Інстытут горнай электратэхнікі і аўтаматызацыі быў створаны 6 ліпеня 2006-га года. Яго пачатковым калектывам сталі 14 спецыялістаў – аддзел аўтаматызацыі ААТ “Белгорхімпрам”, які перайшоў у новую кампанію ў поўным складзе. Першым дырэктарам Інстытута стаў Уладзімір Шалвавіч Чкарэулі.

Праз два гады ў склад Інстытута ўвайшоў вытворчы ўчастак па вырабе горнашахтавага абсталявання ТАА “Пасат”. Так у нас з’явілася ўласная вытворчая база.

У першыя гады фарміраваўся прадуктовы партфель кампаніі, калектыў. Многія з тых, хто прыйшоў тады ў маладую кампанію, працуюць і цяпер. З першых гадоў дзейнасці Інстытут адрозніваўся смеласцю і і амбіцыйнасцю. Яго спецыялісты замахнуліся на самыя буйныя, складаныя, энергаёмістыя аб’екты рудніка: пад’ём і канвеерны транспарт. Разумеючы, што рыначныя ўмовы патрабуюць пастаяннага зніжэння выдаткаў вытворчасці, а ў галоўнага заказчыка ААТ “Беларуськалій” пры вытворчасці самы важкі артыкул затрат – на электраэнергію, спецыялісты Інстытута горнай электратэхнікі і аўтаматызацыі распрацоўвалі і прапаноўвалі абсталяванне і рашэнні па мадэрнізацыі вытворчых аб’ектаў, якія дазвалялі значна скараціць энергазатраты.

Першай распрацоўкай Інстытута стаў частотна рэгулюемы электрапрывод для шахтавых канвеераў. Гэтая распрацоўка дазволіла стварыць новы напрамак у электрапрыводзе шахтавых канвеераў. У цяперашні час на шахтавых канвеерах заказчыка эксплуатуецца каля 209 рэгулюемых электрапрыводаў. Эканомія электраэнергіі пры эксплуатацыі складае больш за 40%. Следам за электрапрыводам шахтавых канвеераў спецыялісты Інстытута рэалізавалі першы на прасторах СНД праект частотна рэгулюемага электрапрывода клецявой пад’ёмнай устаноўкі. Ім аснасцілі ЦР №3 рудніка 3 РУ ААТ “Беларуськалій”. Тут у заказчыка з’явілася магчымасць эканоміць да 58%. У 2011-м годзе Інстытут узяўся за мадэрнізацыю вентылятараў галоўнага праветрывання (2011 – 3 РУ, 2013 – 1РУ). Ізноў мы былі першымі на прасторы СНД. Вентылятары галоўнага праветрывання заказчыка, якія прайшлі мадэрнізацыю, патрабуюць ужо ўдвая менш электраэнергіі для работы (эканомія да 57%).

Геаграфія паставак і работ Інстытута горнай электратэхнікі і аўтаматызацыі межамі Беларусі не абмежавалася. Мікрапрацэсарную апаратуру шахтавай ствалавой сігналізацыі паставілі на многія горназдабыўныя прадпрыемствы Расійскай Федэрацыі: ААТ “Уралкалій”, ААТ “Варкутавугаль”, ААТ “Новашырокінскі руднік”, ААТ “Стойленскі ГАК”, ААТ “Апатыт”. Выконваў Інстытут работы для Грамячынскага радовішча калійных солей, ААТ “МХК “ЕўраХім”, ААТ “Шахта Варгашорская”, шахта “Распадская”.

Заваяваўшы аўтарытэт і высокі прафесійны статус у першыя пяць гадоў, далей Інстытут развіваўся яшчэ больш інтэнсіўнымі тэмпамі. Вытворчыя базы ў апошнія гады павялічыліся па плошчы ўдвая. Быў пабудаваны і аснашчаны новы цэх тэхнікі высокага напружання, склад і іншыя вытворчыя цэхі. Вырас у такіх жа прапорцыях і калектыў. Інстытут мае офіс у Минску, дзе асталяваўся аддзел электрапрывода і філіял “ПасатПраект”. У Пермскім краі Расійскай Федэрацыі створана кампанія “IGEA-інжынірынг”.

Нашымі дылерамі сталі ТАА “Прамінвест” (Расійская Федэрацыя), ТАА “Кітрэйд” (Рэспубліка Беларусь).

Сёння ў арсенале завершаных праектаў Інстытута:

  • мадэрнізацыя электрапрывода галоўных вентылятарных установак ААТ “Беларуськалій”,

  • мадэрнізацыя электрапрывода клецявых і скіпавых пад’ёмных машын ААТ “Беларуськалій”,

  • мадэрнізацыя і аўтаматызацыя рэгулююемага электрапрывода на магістральных шахтавых канвеерах ААТ “Беларуськалій”,

  • мадэрнізацыя праходчых перасоўных машын ААТ “Трэст “Шахтаспецбуд”.

У сучасны момант Інстытут горнай электратэхнікі і аўтаматызацыі – вядучае прадпрыемства холдынга “ПАСАТ”. Наш галоўны рэсурс – калектыў. Мы цэнім нашых супрацоўнікаў за іх высокі прафесійны ўзровень, імкненне да развіцця, вялікі творчы патэнцыял. Менавіта гэтыя якасці маюць асаблівае значэнне, калі гаворка ідзе пра распрацоўкі, інжынірынг – напрамкі, якія леглі ў аснову дзейнасці Інстытута.

У свой юбілей у цэнтры святочных мерапрыемстваў – калектыў прадпрыемства. 8-га ліпеня лепшыя супрацоўнікі змогуць на некалькі гадзін адцягнуць увагу ад вытворчых задач, рашэння інжынерных галаваломак і адпачыць на ўрачыстым вечары ў гонар юбілею. Ён пройдзе ў Салігорскай дзіцячай школе мастацтваў. У гэты вечар будуць узнагароджаны ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі тыя, хто працуе на прадпрыемстве з першага года яго дзейнасці, тыя, хто ўнёс значны ўклад у яго сённяшні росквіт. Агульным падарункам усяму калектыву стане вялікі канцэрт, на якім выступяць Ірына Дарафеева, група “Цягні-Штурхай”, Palladium Electric Band, барабаннае шоу Stress.